Дэпутаты кыргызскага парламенту, чыноўнікі з розных міністэрстваў, прадстаўнікі НГА, госці з Таджыкістана, Грузіі, Узбекістана, Казахстана, Расіі, Беларусі, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, актыўныя сталыя людзі з розных рэгіёнаў Кыргызстана.
Так выглядае склад удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі «На шляху пабудовы нацыянальнай праграмы па старэнні ў Кыргызскай Рэспубліцы: сучасныя выклікі, прагнозы і шляхі вырашэння», якая праходзіла 4-5 снежня ў Бішкеку.
У 9.30 раніцы (6.30 па беларускім часе) у зале гучыць гімн Кыргызстана. Людзі кладуць руку на сэрца і спяваюць.
З такога ўрачыстага і кранальнага моманту пачынаецца мерапрыемства.
Адзін за адным выступаюць эксперты, якія распавядаюць пра становішча сталых людзей у Кыргызстане. Становішча, скажам прама, не самае зайздроснае. Пенсія крыху перавышае 100 даляраў. Норма на харчаванне сталых людзей у прытулках – 55 сомаў (крыху больш за даляр) у дзень. Амаль 40% насельніцтва жыве за рысай беднасці і многія з гэтых людзей – у сталым веку. Знайсці добрую працу пасля 35 год складана, а пасля 50-ці амаль нерэальна. Мноства маладых людзей з’ехалі на заробкі ў Расію і Казахстан, пакінуўшы сваіх дзяцей на выхаванне бабуляў ды дзядуляў…
Нягледзячы на тое, што кыргызскае грамадства даволі маладое (колькасць сталых людзей сёння складае каля 9%, што ў два разы менш, чым у Беларусі), у краіне сур’ёзна рыхтуюцца да сітуацыі, калі колькасць сталых людзей рэзка вырасце (па прагнозах гэта стане адчувальна пасля 2030 г.). Мясцовыя грамадскія арганізацыі як могуць штурхаюць мясцовых чыноўнікаў распрацоўваць адпаведныя меры, каб падрыхтавацца да новых умоваў жыцця грамадства. Паказальны момант: пасля выступу спецыялісткі з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва з боку некаторых арганізатараў і высокіх гасцей канферэнцыі загучалі сур’ёзныя папрокі ў тым, што кіраўніцтва Фонда ігнаруе падобныя мерапрыемствы і зусім не прыслухоўваецца да голасу грамадскасці. Мяркуючы па тым, як заківалі галовамі дэлегаты з іншых краінаў, стала зразумелым, што і для іх такая палітыка асобных дзяржаўных структур знаёмая…
Святлана Баштавенка (на здымку вышэй), каардынатарка міжнароднай сеткіЭйджНэт і прэзыдэнт ГА “Рэсурсны цэнтр для сталых” развівае тэму:
– Пытанні старэння грамадства абвастраюцца з кожным днём і хутка закрануць кожнага з нас. На жаль, няма бачання перспектываў разгортвання гэтага пытання ў некаторых дзяржаўных структурах. Абыякавасць – гэта працэс, які паскарае старасць.
Алег Сярожын, галава аддзелу тэхнічнай падтрымкі аддзялення Сацыяльнай палітыкі і Развіцця Дэпартаменту па эканамічных і сацыяльных пытаннях (Сакратарыят ААН) у сваім выступе звярнуў увагу на неабходнасць наступных дзеянняў па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні сталых людзей:
– рэфармаванне сістэм сацыяльнага абслугоўвання;
– рэфармаванне сацыяльных паслуг ад “катэгарызаваных” да адрасных;
– фармаванне стратэгічных падыходаў да пытанняў старэння;
– неабходнасць падрыхтоўкі альбо “перазагрузкі” прафесіяналаў у гэтай сферы;
– пераадоленне раз’яднанасці палітычнага і навуковага працэсаў.
Гэтыя задачы стаяць і перад беларускім грамадствам, якое па тэмпах старэння нашмат апярэджвае Кыргызстан. Але калі кыргызы ўжо зараз б’юць у званы, актыўна завуць да сябе міжнародныя арганізацыі, запрашаюць у госці, каб пераняць лепшы досвед, беларусы робяць выгляд, што ў нас усё добра, усё пад кантролем…
Дарэчы, прэзентацыя дзейнасці нашага “Універсітэту Залатога Веку” выклікала непаддзельны інтарэс з боку ўдзельнікаў канферэнцыі.
У кулуарах нам задавалі пытанні, адзначалі, што падслухалі некалькі цікавых ідэяў, якія можна паспрабаваць арганізаваць тут, у Кыргызстане.
Ну а мы з задавальненнем паслухалі, як працуе падобны Інстытут Трэцяга Ўзросту ў Бішкеку. Пазнаёміцца з яго працай можаце і вы, пагартаўшы гэтую прэзентацыю.
Ну а нас на наступны дзень чакаў працяг канферэнцыі: майстар-класы, візіты ў мясцовыя арганізацыі, якія працуюць са сталымі людзьмі, удзел у паседжанні праўлення міжнароднай сеткі AgeNet, куды і мы збіраемся ўступіць у бліжэйшы час. Чытайце пра гэта ў іншых матэрыялах на нашым сайце.
Источник: http://uzv.by/pradstauniki-uzv-udzelnichayuts-u-buynoy-kanferentsyii-u-kyirgyiztane/